Выпрабаванне Трампа. У Флорыдзе і Вісконсіне праходзяць выбары, здольныя змяніць баланс сіл у Вашынгтоне
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У ЗША праходзяць першыя выбары пасля вяртання ў Белы дом Дональда Трампа. Выбаршчыкі ў Вісконсіне галасуюць за чальца Вярхоўнага суда штата, а ў Флорыдзе — за чальца Палаты прадстаўнікоў. Хоць абедзве гэтыя кампаніі — падзеі мясцовага значэння, іх вынікі важныя для балансу сіл ва ўсёй краіне: яны могуць умацаваць або падарваць пазіцыі Рэспубліканскай партыі Трампа, піша Руская служба Бі-бі-сі.

Президент США Дональд Трамп выступает с речью об инфраструктуре ИИ в Белом доме в Вашингтоне, США, 21 января 2025 года. Фото: Reuters
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выступае з прамовай пра інфраструктуру ШІ ў Белым доме ў Вашынгтоне, ЗША, 21 студзеня 2025 года. Фота: Reuters

Вісконсін: грошы Маска і «лёс цывілізацыі»

У Вярхоўны суд Вісконсіна была абраная суддзя Сьюзан Кроўфард, якую падтрымлівалі дэмакраты. Гэта стала першай паразай для новай адміністрацыі на чале з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам.

У агітацыі актыўны ўдзел браў блізкі да Трампа мільярдэр Ілан Маск, які ўклаў велізарныя грошы ў кансерватыўнага кандыдата.

Паводле звестак газеты Financial Times, ён выдаткаваў 22 млн даляраў на кампанію рэспубліканца Брэда Шымела, які змагаўся з Кроўфард за гэтую пасаду.

Раней Маск заявіў, што ад выніку гэтых выбараў можа залежаць будучыня не толькі ЗША, але і «ўсёй цывілізацыі».

Кіраўнік кампаній Tesla і SpaceX сцвярджае, што суд Вісконсіна ў будучыні можа змяніць межы выбарчых акругаў з тым, каб перашкодзіць прыхільнікам Рэспубліканскай партыі абіраць у іх сваіх кандыдатаў. Дэмакраты настойваюць, што рэспубліканцы ўжо і так перакроілі акругі ў Вісконсіне, каб схіліць баланс на сваю карысць.

Напярэдадні выбараў Маск выдаў чэкі па адным мільёне даляраў двум актывістам выбарчай кампаніі і паабяцаў выплаты іншым выбаршчыкам, якія дапамогуць дабіцца перамогі кансерватара Шымела.

Праціўнікі Маска спрабавалі аспрэчыць такія выплаты, называючы іх спробай подкупу выбаршчыкаў, але суды адмовіліся накласці забарону.

Выбары ў Вярхоўны суд Вісконсіна сталі самымі дарагімі ў гісторыі штата. Агулам абодва кандыдаты выдаткавалі на іх больш за 90 млн даляраў.

У процівагу Маску за дэмакратку Кроўфард выступалі былы прэзідэнт Барак Абама і такія буйныя спонсары, як філантроп Джордж Сорас.

Вісконсін — складаны штат для новай адміністрацыі Белага дома. На апошніх выбарах Дональд Трамп атрымаў тут перамогу з перавагай менш чым у 1%.

Такім чынам, выбары ў Вісконсіне сталі першай рэальнай праверкай настрояў выбаршчыкаў адносна Трампа пасля яго некалькіх месяцаў ва ўладзе і шэрагу вельмі неадназначных рашэнняў.

Ілана Маска, які адыграў важную ролю ў перадвыбарнай кампаніі Трампа, а потым узначаліў Дэпартамент эфектыўнасці ўрада (DOGE), многія ў ЗША пачалі называць кінгмэйкерам. Гэтым словам раней абазначалі людзей, якія маюць сілу, каб узвысіць або зрынуць любога кіраўніка.

Аднак пасля распачатай Маскам непапулярнай палітыкі маштабных скарачэнняў у дзяржструктурах яго імідж у краіне значна пахіснуўся. У тым ліку сярод прыхільнікаў рэспубліканцаў, якія таксама засталіся без працы.

З гэтай прычыны, як адзначаюць многія аналітыкі, для Маска выбары ў Вісконсіне — таксама важны тэст на лаяльнасць грамадства.

Гонка ў Флорыдзе: дэмакраты хочуць ствараць гісторыю

Выбары двух чальцоў Палаты прадстаўнікоў ад Флорыды былі абвешчаныя, бо кангрэсмен Майк Уолтц перайшоў працаваць у адміністрацыю Трампа ў якасці дарадцы па нацыянальнай бяспецы, а яшчэ адзін рэспубліканец, Мэт Гетц, быў вылучаны на пасаду генпракурора, але вырашыў не прэтэндаваць на яе на фоне шматлікіх абвінавачанняў.

Чакаецца, што замест Гетца абяруць рэспубліканца, але больш жорсткая барацьба разгорнецца ў Шостай выбарчай акрузе Кангрэса ЗША, якую раней прадстаўляў Уолтц. Там балатуюцца дэмакрат Джош Вейл і рэспубліканец Рэндзі Файн.

Апошнім разам дэмакрат перамагаў у Шостай акрузе Флорыды ў 1986 годзе, але Вейл заявіў, што гатовы ствараць гісторыю і забраць яго ў рэспубліканцаў. Ён пабудаваў сваю кампанію на прыгнёце федэральных службоўцаў з боку рэспубліканскай адміністрацыі.

У адрозненне ад Вісконсіна, перавага Трампа ў Флорыдзе на выбарах 2024 года была значнай (за яго прагаласавалі 56,1% выбаршчыкаў супраць 43% у Камалы Харыс). Флорыда — традыцыйна рэспубліканскі штат, дзе большасць прадстаўнікоў у Кангрэсе — рэспубліканцы.

Але апытанні грамадскай думкі паказваюць, што гэтым разам разрыў паміж кандыдатамі мінімальны, а некаторыя нават аддаюць дэмакрату Вейлу перавагу ў 3%.

Як піша аглядальнік Бі-бі-сі па Паўночнай Амерыцы, гэтага дастаткова, каб выклікаць немалую трывогу ў шэрагах рэспубліканцаў.

«Рэспубліканцы ніяк не павінныя прайграць у гэтай гонцы, — заявіў Рэндзі Рос, кансерватыўны актывіст з Флорыды, які праводзіў у штаце кампанію за Трампа ў 2016 і 2024 гадах. — Адзінае, што ім зможа перашкодзіць, — недастатковая яўка рэспубліканцаў».

Але менавіта гэта, лічаць эксперты, і можа адбыцца — і зноў з прычыны непапулярных крокаў адміністрацыі, наступствы якіх аднолькава адбіліся і яшчэ адаб’юцца на ўсіх амерыканцах, уключаючы прыхільнікаў Рэспубліканскай партыі.

Акрамя таго, новы кангрэсмен ад Флорыды абіраецца замест Майкла Уолтца, які трапіў у цэнтр скандалу з абмеркаваннем удараў ЗША па еменскіх хусітах на камерцыйнай платформе Signal. Менавіта Уолтц дадаў у сакрэтны чат журналіста Джэфры Голдберга.

Многіх амерыканцаў, незалежна ад іх партыйных сімпатый, абурыла, наколькі безразважна рэспубліканская адміністрацыя паставілася да пытанняў нацыянальнай бяспекі. Але яшчэ большае абурэнне выклікаў той факт, што ніхто з атачэння Трампа, відаць, не панясе за гэта адказнасці.

На думку аглядальніка Бі-бі-сі Энтані Зуркера, гэта можа стаць адной з прычын, з якой барацьба за месца ў Палаце прадстаўнікоў ад Флорыды мае шанцы стаць гісторыяй нацыянальнага маштабу.

Акрамя таго, перамога дэмакрата ў Флорыдзе можа наблізіць гэтую партыю да фармавання большасці ў Палаце прадстаўнікоў. Цяпер у яе толькі 213 кангрэсменаў у параўнанні з 218-ю рэспубліканцамі. Яшчэ чатыры месцы застаюцца свабоднымі: лёс двух з іх вырашаецца ў Флорыдзе, а яшчэ два займалі кангрэсмены-дэмакраты, якія памерлі ў сакавіку гэтага года.