Масква не хоча часовага перамір'я з Украінай. Пра гэта памочнік прэзідэнта РФ Юрый Ушакоў заявіў у эфіры тэлеканала «Россия-1».

— Гэта не што іншае, як часовая перадышка для ўкраінскіх вайскоўцаў, больш нічога. Нашая мэта — гэта доўгатэрміновае мірнае ўрэгуляванне, мы да гэтага імкнёмся, мірнае ўрэгуляванне, якое ўлічвае законныя інтарэсы нашай краіны, нашыя вядомыя турботы. Нейкія крокі, якія імітуюць мірныя дзеянні, мне здаецца, нікому не патрэбныя ў дадзенай сітуацыі, — сказаў Ушакоў.
На ўдакладняльнае пытанне, ці азначае гэта поўную адмову Расіі ад прапановаў, сфармуляваных на сустрэчы ЗША і Украіны ў Джыдзе, Ушакоў адказваць адмовіўся. Ён заявіў, што на гэтую тэму неўзабаве выкажацца Уладзімір Пуцін.
Памочнік прэзідэнта РФ таксама заявіў, што РФ і ЗША падзяляюць пазіцыю што да сяброўства Украіны ў NATO.
— Амерыканцы і мы мяркуем, што пра NATO гаворка не можа ісці ў кантэксце мірнага ўрэгулявання, у кантэксце будучыні Украіны, — адзначыў Ушакоў.
Нагадаем, 11 сакавіка Украіна і ЗША правялі ў горадзе Джыда ў Саудаўскай Аравіі першыя перамовы што да завяршэння вайны ва Украіне. Сустрэча з перапынкамі доўжылася больш за восем гадзін. У сумеснай заяве па яе выніках адзначалася, што Украіна гатовая прыняць прапанову ЗША пра 30-дзённы рэжым спынення агню, калі яго будзе выконваць і Расія.