Пасля ад’езду з Беларусі экс-зняволенай Антаніны Канавалавай на маёмасць, што належыць ёй, яе бацькам Ганне і Сяргею Канавалавым быў накладзены арышт. Пра тое, што адбылося, былая зняволеная паведаміла 1 красавіка ў эфіры «Обычного утра» («Звычайнай раніцы»), піша «Позірк».

Паводле яе слоў, Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўнёс Сяргея Канавалава ў «тэрарыстычны спіс».
«Гэта проста, калі шчыра, нонсэнс для нас, бо тата не быў затрыманы паводле адміністрацыйных артыкулаў, не было на ім крымінальных спраў, толькі падазрэнні, а ён у тэрарыстычным спісе», — сказала Канавалава.
Некаторы час таму, паведаміла экс-палітзняволеная, у доме яе бацькі правялі вобшук «з нагоды яго падазрэння ў тэрарызме ў Баранавічах».
Падставай для падазрэння, паводле яе слоў, стала тое, што мабільны тэлефон Канавалава быў у зоне, дзе адбыўся «падрыў чыгункі ў горадзе Баранавічы». Былая зняволеная не ўдавалася ў падрабязнасці, пра якую справу канкрэтна ідзе гаворка і калі менавіта быў вобшук.
«То бок гэта ўжо даказальны факт таго, што ён можа быць датычны, і гэтага, у прынцыпе, дастаткова. Яшчэ знайсці якога-небудзь аператыўнага супрацоўніка, які яго вёў і які бачыў, — усё, справа ў прынцыпе маецца. Вы можаце заехаць [у месцы пазбаўлення волі] ад 15 гадоў. <…> Маральны прэсінг маёй сям'і дагэтуль не закончаны», — сказала Антаніна Канавалава.
Варта адзначыць, што ў «тэрарыстычным спісе» фігуруе адзін Сяргей Канавалаў — жыхар Віцебскай вобласці 1972 года нараджэння, які, паводле пазнакі, «адбывае пакаранне».
Антаніна Канавалава, якая была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, пакінула Беларусь у сярэдзіне сакавіка. Пра выхад на волю 36-гадовай жанчыны стала вядома 15 снежня 2024 года. Паводле даных праваабарончага цэнтра «Вясна», яна вызвалілася на падставе памілавання.
Канавалаву затрымалі 6 верасня 2020 года і пасля прыгаварылі да 5,5 года пазбаўлення волі паводле ч. 2 і ч. 3 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). Жанчыне паставілі ў віну адміністраванне тэлеграм-канала «Армія з народам» і ўдзел у руху Сяргея Ціханоўскага «Краіна для жыцця».
Унесеная ў спісы тых, хто мае дачыненне да «экстрэмісцкай» і «тэрарыстычнай» дзейнасці.
У зняволенні атрымала інваліднасць трэцяй групы праз зрок.
Па крымінальнай справе таксама праходзіў муж Канавалавай Сяргей Ярашэвіч. Паводле тых жа артыкулаў яго асудзілі на аналагічны тэрмін пазбаўлення волі — 5,5 гады. Пазней яго прыгаварылі яшчэ да дзевяці месяцаў зняволення паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).
У сямейнай пары двое малалетніх дзяцей. У апошнія гады яны пражываюць з бабуляй у вымушанай эміграцыі ў Польшчы. Бацька Канавалавай застаўся ў Беларусі, каб падтрымліваць дачку і зяця.
Фонд салідарнасці BySol абвясціў збор сродкаў для Антаніны Канавалавай. Запытаная сума — 6700 еўра, на 1 красавіка сабрана 1519.