Дэфіцыт кадраў узмацняецца з кожным месяцам. Колькасць вакансій перавысіла 164,6 тысячы. Што менавіта адбываецца на рынку працы — сабралі наяўныя звесткі.

У цэнтры занятасці звяртаецца невялікая доля беспрацоўных
Усяго 4 тысячы чалавек стаяла на ўліку ў цэнтрах занятасці ў якасці беспрацоўных на 1 ліпеня, паведамляе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. У першай палове года ў такія ўстановы звярнулася амаль 77 тысяч чалавек. З іх знайшлі працу 66,5 тыс., 1,1 тыс. пачалі навучанне па новай прафесіі. 53 сям'і для працаўладкавання змянілі месца жыхарства.
З боку наймальнікаў на тую ж дату быў попыт на 156,5 тыс. работнікаў, з іх 67% — рабочыя прафесіі.
Попыт з боку кампаній усё яшчэ моцна перавышае прапанову
У чэрвені колькасць вакансій вырасла на 8,5% адносна травеньскага ўзроўню, вынікае са звестак даследчага цэнтра rabota.by. А ў параўнанні са студзенем гэтага года больш за ўсё вырасла колькасць вакансій у такіх галінах як «навука, адукацыя» (+49, 2%), «будаўніцтва, нерухомасць» (+36, 3%), «працоўны персанал» (+35, 0%), «турызм, гатэлі, рэстараны» (+34,6%), «транспарт, лагістыка, перавозкі» (+32,8%).

46% вакансій, размешчаных у другім квартале, — для спецыялістаў з досведам 1−3 гады, 39,5% — для людзей без досведу.
З боку людзей, якія шукаюць працу, актыўнасць была ніжэйшай. У чэрвені колькасць рэзюмэ вырасла ўсяго на 1,8% (для параўнання: у лютым і сакавіку — 7% і 6,3% адпаведна). У другім квартале ў сярэднім на месяц рэсурс зафіксаваў 212,8 тыс. актыўных рэзюмэ.

Павелічэнне колькасці людзей, якія шукаюць працу, самым вялікім было ў такіх сферах як «турызм, гатэлі, рэстараны» (+43,5% у чэрвені адносна студзеня гэтага года), «хатні, абслугоўвальны персанал» (+16,6%), «транспарт, лагістыка, перавозкі» (+16,2%), «працоўны персанал» (+14,2%), «будаўніцтва, нерухомасць» (+11,2%).
