Падазраваны ў дачыненні да знікненняў апазіцыянераў сілавік Паўлічэнка расказаў, каго лічыць самым небяспечным апанентам Лукашэнкі
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Зянон Пазняк быў самым небяспечным палітычным апанентам Аляксандра Лукашэнкі. Такое меркаванне агучыў былы камандзір брыгады спецназа, падазраваны ў дачыненні да гучных знікненняў апазіцыянераў Дзмітрый Паўлічэнка ў інтэрв'ю прапагандысцкай праграме «Скажи не молчи».

Бывший командир бригады спецназа Дмитрий Павличенко. Сентябрь 2023 года, Минск. Скриншот видео
Былы камандзір брыгады спецназа Дзмітрый Паўлічэнка. Верасень 2023 года, Мінск. Скрыншот відэа

— Самым моцным і небяспечным апанентам прэзідэнта быў лідар у той час вельмі шматлікай партыі БНФ Зянон Станіслававіч Пазняк. Гэта быў самы моцны наш праціўнік. Самы выдасканалены, самы інтэлектуальны і здольны сваёй харызмай падняць даволі вялікую колькасць людзей, — заявіў Паўлічэнка.

Спікер таксама адзначыў, што ўсе сродкі Пазняк выдаткоўваў «менавіта на барацьбу».

-У 90-я гады збіраецца мітынг які-небудзь… Аматар выпіць выходзіць — яму бутэлька. То-бок усё выдаткоўвалася сапраўды на барацьбу. Таму былі ў той час і шматлікія акцыі, і частыя сутыкненні з міліцыяй, і з унутранымі войскамі, і агрэсіўнасць была. Даволі быў складаны час, — сказаў Паўлічэнка.

Экс-камбрыг падкрэсліў, што лічыць памылкай стаўку Зянона Пазняка на нацыяналізм.

— Нацыяналізм тут (у Беларусі. — Заўв. рэд.) немагчымы. З часам Беларускі народны фронт распаўся праз агрэсіўную нацыяналістычную палітыку лідара Пазняка. Ён (БНФ. — Заўв. рэд.) распаўся спачатку на дзве часткі, потым на тры часткі. І яму (Пазняку. — Заўв. рэд.), гледзячы на гэты развал, нічога не заставалася зрабіць, акрамя як эміграваць. А ў эміграцыі ты ўжо ніхто, — упэўнены Паўлічэнка.

Нагадаем, паводле звестак супрацоўнікаў беларускай Генпракуратуры Дзмітрыя Петрушкевіча і Алега Случака, пасля рэферэндуму 1996 года Віктар Шэйман даручыў камандуючаму ўнутранымі войскамі (у будучыні міністру ўнутраных справаў) Юрыю Сівакову стварыць каманду для выканання любых даручэнняў — аж да забойстваў. Той даў заданне Дзмітрыю Паўлічэнку падабраць неабходных людзей.

«Гэтай групе было загадана адпрацаваць схему выкрадання, забойства, а затым пахавання трупаў. Схема мусіла выключаць магчымасць знаходжання трупаў. Фактычна гэта было заданне распрацаваць схему „ідэальнага забойства“, бо калі няма трупа, то няма злачынства», — расказваў Случак. Гэтую групу называюць «эскадронам смерці». Яе лічаць датычнай да палітычных забойстваў у Беларусі — як і Дзмітрыя Паўлічэнку.

У снежні 2019 года беларус Юрый Гараўскі даў інтэрв'ю нямецкаму выданню Deutsche Welle. Ён заявіў, што ў 1999−2003 гадах быў байцом САХР і па загадзе зверху ўдзельнічаў у выкраданні і забойстве палітыкаў. Паводле яго, калі эскадрон затрымаў Захаранку, той «толькі сказаў: „Зрабіце так, каб не было балюча“. Усё. Але мы гэта праігнаравалі, у машыне нічога не казалі, проста грала ціхая спакойная музыка». Паводле яго словаў, экс-міністра вывезлі ў раён вёскі Валоўшчына пад Мінскам, дзе знаходзілася вучэбная база ўнутраных войскаў. Там камандзір брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС Дзмітрый Паўлічэнка два разы стрэліў Захаранку ў раён сэрца.

У верасні Гараўскага будуць судзіць у Швейцарыі. Яго абвінавачваюць па артыкуле аб знікненні людзей.

Чытайце таксама